Craoltoir (shupa) wrote,
Craoltoir
shupa

пара пісаць успаміны? :)

“Крыўдна, што так па-дурному ня спраўдзілася апошняе жаданьне пакутніцы пані Зоі. І грэх гэты - на мне”. (ivansaj)

У 1991 годзе, калі жыльлёвая і жыцьцёвая сытуацыя ў Менску прыціснула так, што мы зь сям'ёй былі гатовыя кінуцца хоць куды, на прапанову Дубаўца мы перабраліся ў Вільню. Д. і Лявон Л. паведамілі, што старая беларуска Зоя Каўшанка, у якой нядаўна памёр муж, хацела б даць у сваёй хаце прытулак беларускай сям'і, каб быў нехта свой побач, каб дапамагалі калі што трэба, трымалі б хату - карацей, каб стары беларускі дом застаўся ў беларускіх руках. Бо дом - зь не абы-якой гісторыяй, традыцыямі - яго збудаваў а. Аляксандар Коўш, беларускі сьвятар, грамадзкі дзяяч міжваеннай Вільні, у часы вайны расстраляны немцамі, калі выявілася, што даваў гэбрайскім дзеткам праваслаўныя мэтрычныя пасьведчаньні.

Усё гэта добра ўпісвалася ў Дубаўцову праграму беларускай рэкалянізацыі Вільні, адбудовы колішніх культурных, адукацыйных, інфармацыйных структураў. На той час туды ўжо былі перабраліся Шаўцоў, Мінкін, Харэўскі. Усё выглядала даволі ружова. Панавала шчырасьць, адкрытасьць, таварыскасьць. Выдзеленая нам частка хаты была канкрэтнай руінай безь ніякіх камунікацыяў, апрача аварыйнай электрыкі. Але ў той сытуацыі гэта не палохала - побач былі сябры, цяжкія працы рабіліся талакою. Сілаў і энтузіязму было шмат, праз паўгода ўжо неяк можна было жыць, хоць часам менскія госьці жахаліся, пабачыўшы нашыя ўмовы.

Пасьля ва ўсё гэта пачала прасочвацца невэрбалізаваная раней рэальнасьць. Зоя Каўшанка, пані Зоя, як мы яе называлі, аказалася вельмі праблемным чалавекам. Яна шмат нацярпелася за сваё жыцьцё і, відаць, ніколі не магла прабачыць сьвету і людзям за тое, што тыя зь ёй зрабілі. Яна ненавідзела ўсіх навокал. Суседзяў - якія ёй адказвалі шчырай узаемнасьцю, бо з-за яе ўся вуліца дзясяткі гадоў не магла быць тэлефанізаваная - трэба было правесьці кабэль празь яе сад - “а пашто мне гэта трэба?” Літоўцаў - бо панаехалі тут і размаўляюць па-свойму. Але найбольшы рахунак у яе быў зь беларусамі.

Бацька - беларускі сьвятар, сялянскі рамантык - быў у сям'і стыгмай. (Дарэчы, дом на Летняй ён не будаваў - купіў гатовы і толькі прыбудаваў кавалак). Маці - гарадзенская мяшчанка - усё жыцьцё не магла сабе дараваць такі ганебны мэзальянс, у канцы 30-х перапісала хату на сябе і выгнала а. Аляксандра з хаты - апошнія свае віленскія гады ён жыў на Вялікай, каля Мікалаеўскай царквы.Выгнала з хаты і сына Сьвятаслава, бо ажаніўся з паповай дачкой - і ён здымаў катушок у Падагеляў, таксама на Летняй, за сем дамоў ад “бацькоўскай” хаты.

Зоя скончыла Беларускую гімназію, у часы навукі ва ўнівэрсытэце належала да Беларускага студэнцкага саюзу, а ў вайну была юрысконсультам у Беларускім камітэце. Нічога ганебнага не ўчыніла, нават рознымі хітрыкамі дапамагала ратаваць арыштаваных партызанаў. Аднак гэтая нявінная пасада пазьней каштавала ёй доўгія гады ГУЛАГу. Трапіла яна туды пасьля неверагодных прыгодаў у Нямеччыне, куды ўцякла ў абозе Астроўскага, пасьля таго, як у парыве беларускага сантымэнту вырашыла наведаць брата ў лягеры Ды-Пі ў Ватэнштэце. Гэтыя лягеры Ды-Пі кішэлі савецкімі агентамі - беларусы прадавалі беларусаў, і калі яна вярнулася ў Бэрлін, дзе жыла, яе ўжо чакалі...

У Вільню яна вярнулася пад канец 50-х, праз паўгода пасьля сьмерці маці. Вярнулася зацятая, зь цьвёрдым сэрцам і горкай памяцьцю пра тое, за што і з-за каго яна столькі цярпела. Адваявала ад самасёлаў матчын дом. З Поўначы яна прывезла з сабой мужа, ціхага канторскага службоўца Максімыча. Ёй ужо было пад 50, яму - за 50, абое жылі ў спадзяваньні на ціхую спакойную старасьць. У тую пару ў Вільню павярталіся іншыя беларускія вязьні ГУЛАГу - браты Л., КШ з жонкай, каля дзясятка іншых. Часта сустракаліся, спрабавалі сацыялізавацца ў новых, ужо літоўскіх умовах, трымацца адны за адных. Братоў Л. пані Зоя не любіла, там у іх свае даўнія гісторыі былі, яшчэ з даваеннага часу - выглядае, што сям'я Луцкевічаў існавала тады ў Вільні ў пэўнай ізаляцыі. Бліжэйшыя ў пані Зоі былі дачыненьні з КШ. КШ, сьветлая яму памяць, наагул быў чалавек найчысьцейшай душы і нацярпеўся ня менш за пані Зою, але да канца жыцьця заставаўся з усімі добры і прыязны.

Цяжка аднавіць кроніку “ўтульнасьці і гасьціннасьці” на Летняй 7, але дух дома з часам узяў сваё. Нямоглы і хворы Максімыч пад канец жыцьця быў паселены ў маленькі пакойчык “для прыслугі” з прагнілай падлогай і пазбаўлены якой бы там ні было ўвагі і апекі. Бо ў хаце жылі “сабачкі” - чатыры дробныя зьвяглівыя дварнякі, якія спалі на канапах і замянілі пані Зоі сям'ю і сяброў. Каб ня КШ, які варыў абеды і насіў іх Максімычу з Антокаля, той бы проста памёр з голаду. Але, “на шчасьце”, памёр ад раку...

У гэты момант зьявіліся мы. Бо ёй было страшна адной. Бо трэба было плаціць за камуналку. Бо трэба было мець побач некага, на кім зганяць сваю чорную кроў. Як выявілася пасьля, пані Зоя ўжо на той час мела рак у няраньняй стадыі, ёй страшна балела, але яна цярпела, трывала і ненавідзела. Дадатковыя прычыны не любіць нас - тое, што мы кантактавалі з "ворагам" - Л.Л., і тое, што мы належалі да “нашаніўскага кола” - яна называла наш калянізацыйны дэсант “менскімі камсамольцамі” і ставілася да гэтага кола зь вялікім недаверам.

Карацей кажучы, калі некалі зайшла размова пра тое, што будзе зь яе хатай далей - выявілася, што ў яе на гэты конт не было ніколі ніякіх плянаў і што яе наагул гэтая праблема не хвалюе. Дубавец піша: “Каб бацькаў дом, як яна казала, служыў Беларусі”. Пані Зоі такое і ў страшным сьне не магло прысьніцца. Ну ладна, мы ”не сыйшліся характарамі”, але ж ёсьць і іншыя людзі - не ў пустыні ж жывем - мы прасілі падумаць пра Вітушак, пра КШ, каго яна сама выбера. Адказ быў адзін - “а якая мне да гэтага справа?” Усё схілялася да таго, што пасьля пані Зоі, калі б зь ёй нешта здарылася, дом сьпелым яблыкам упадзе ў рукі літоўскай дзяржаве. Што і здарылася ў кастрычніку 1994 году. Усё было ў яе руках, і гэта было яе сьвядомае рашэньне. Пасьля гэтага з волі самой пані Зоі гэты дом перастаў быць “домам Зоі Каўшанкі”.

"Ён так і ня стаў ні музэем, ні сядзібаю сьвядомага беларуса, як хацела таго гаспадыня перад сыходам у іншы сьвет“, піша Дубавец. Гаспадыня перад сыходам на той сьвет плявала і на музэй і на сьвядомых беларусаў. Я ўжо пакідаю без камэнтароў тое, што Дубавец надзяліў сябе правам вырашаць хто ёсьць “сьвядомым беларусам”, а хто не. Што да музэю. Падчас хаўтураў, якія ладзіліся ў хаце нябожчыцы (і на якіх я ня быў, бо быў вычарпаны апошнімі днямі і начамі ў шпіталі і клопатамі з пахаваньнем), з хаты ўдзельнікамі хаўтураў - віленскімі беларусамі - было вынесена ўсё, што мае хоць нейкую музэйна-архіўна-культурную каштоўнасьць.

Да таго, што далей рабіць з хатай, як яе ратаваць для Беларусі і беларусаў, тады нікому - ні віленскай беларускай грамадзе на чале зь Нюнькам, ні аўтару цяперашняга Трэнасу па беларускіх стратах у Вільні - не было ніякай справы. “Наша Ніва” пра гэта не пісала...

Так мы зь сям'ёй (двое дзяцей, сыну шэсьць месяцаў) апынуліся ў супэр сытуацыі. Новыя гаспадары - Антокальская сянюнія - у любы момант з хаты могуць выкінуць. Сталай працы няма. Адступаць няма куды - усе масты спаленыя. Дапамогі чакаць няма адкуль. Засталося адно - змагацца за месца пад сонцам, вырваць хату і зямлю з зубоў літоўскіх уладаў. На гэта пайшло дзесяць гадоў жыцьця, куча сілаў, энэргіі, сацыяльнай інжынэрыі і этнічнай упартасьці. Я шчыра ўдзячны лёсу, сям'і, літоўскім бюракратам - найлепшым бюракратам у сьвеце, часам - неверагоднай удачы, Катэдры славянскай філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту на чале з прафэсарам Чэкманам, якая стала мне другім домам, і майму макінтошу, які ня даў мне памерці з голаду. (Тым часам Дубаўцова “рэкалянізацыя” ўжо была скончылася нічым, і яе аўтар ад'ехаў у Менск.)

Мне пляваць, ці лічыць мяне Дубавец “сьвядомым беларусам”, але дом стаў мой. Я спачуваю Генадзю С., які цяпер, паводле Дубаўца, у цяжкай сытуацыі, але ў 1991 годзе, калі ён не паехаў у Вільню таму, што атрымаў працу ў АН - я таксама атрымаў працу ў той самай АН. Але меў дурасьць / сьмеласьць кінуцца ў вір галавою, паехаць у невядомае, пражыць 10 гадоў без элемэнтарных выгодаў. Дом больш ня быў “домам Зоі Каўшанкі”, як пра гэта патасна піша НН. Ён быў мой.

<Я не зьбіраюся расьпісваць тут дэталі майго асабістага жыцьця, таму тут пропуск...>
Subscribe

  • 2013

    Трапіўшы летась (нарэшце) у Ізраіль, я зразумеў, што не арыентуюся ў абстаноўцы і не валодаю тамтэйшай мовай так, як хацелася б, таму ў маіх…

  • Этгар Керэт

    Раптам стук у дзьверы «Раскажы мне апавяданьне», — загадвае барадаты мужчына, які сядзіць побач са мною на канапе ў гасьцёўні. Сытуацыя, прызнаюся,…

  • 2012: кнігі і ўсё такое

    Сёлета начытаўся кніжак трошкі болей, чым летась - 41 (было 40). Істотная навіна - купіў кіндл і некаторыя кнігі чыталіся на ім - мне спадабалася,…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 23 comments

  • 2013

    Трапіўшы летась (нарэшце) у Ізраіль, я зразумеў, што не арыентуюся ў абстаноўцы і не валодаю тамтэйшай мовай так, як хацелася б, таму ў маіх…

  • Этгар Керэт

    Раптам стук у дзьверы «Раскажы мне апавяданьне», — загадвае барадаты мужчына, які сядзіць побач са мною на канапе ў гасьцёўні. Сытуацыя, прызнаюся,…

  • 2012: кнігі і ўсё такое

    Сёлета начытаўся кніжак трошкі болей, чым летась - 41 (было 40). Істотная навіна - купіў кіндл і некаторыя кнігі чыталіся на ім - мне спадабалася,…